> Гісторыя Івянца
...Існуе легенда, быццам у глыбокай старажытнасці адна вельмі багатая княгіня, невядома адкуль праязджаўшая праз Івянецкую мясцовасць, застрала разам з брычкай і коньмі ў дрыгве. Людзі навокал не жылі і таму ратаваць яе не было каму. Княгіня, бачучы немінуючую пагібель, прыйшла ў роспач і ў той самы час пабачыла недалёка прыгожую жанчыну, што пляла вянок з кветак.
- Як мяне выратаваць ад няшчасця? - запыталася княгіня ў жанчыны.
- Згадзіся насяліць гэту мясцовасць народам - выратуешся,- адказала жанчына.
- Я згодна.
Коні яе адразу выйшлі з дрыгвы, нібы з ручая, не адчуваючы ніякага цяжару. Тады княгіня запытала ў жанчыны, як назваць гэта месца.
- Ці бачыш вянок у маіх руках?
- Бачу
- Дык назаві новае месца Івянцом, - сказала дзіўная жанчына і знікла....


Гісторыя Івянца губляецца ў глыбіні стагоддзяў. Недзе на мяжы XIII - XVI стагоддзяў, часоў поуных міжусобіц, захопніцкіх войнаў - узнікла на рэчцы Волма маленькае паселішча Івянец. Яно не было крэпасцю, не ляжала на вялікіх ваенных шляхах, а тулілася на ўскрайку Налібоцкай пушчы. Па звестках "Энцаклапедычнага слоўніка"(Пецярбург, 1890-1907 гг), Івянец прыгадваецца ў XIV стагоддзі. Належыла паселішча Вялікаму князю Літоўскаму Вітаўту і пазней было аддадзена ім свайму пляменніку князю Андрэю Уладзіміравічу. У кнізе "Расія" (Пецярбург, 1905 г.) даецца больш поўнае апісанне:"Сяленне Івянец размешчана на поўнач ад Рубяжэвіч, вярстах у 23, пры рэчцы Волма, прытоку Іслачы. Ля старой паштовай дарогі з Менска ў горад Ашмяны (Віленскай губерні). Жыхароў тут каля 2000 чалавек, ёсць праваслаўная царква, два касцёлы. Аднойчы у год, у дзень Святой Тройцы, бывае тут ярмарка, а кірмашы па нядзелях." У БелСЭ магчыма прачытаць наступнае: "Івянец вядомы з XIV стагоддзя. Належыў Вялікаму князю Вітаўту, пазней князю Андрэю Уладзіміравічу, Салагубам." Калі прааналізаваць выказванні з трох крыніц, а таксама вядомые гістарычныя факты, (напрыклад тое, што Вітаўт быў Вялікім князем Літоўскім апошнія восем гадоў XIV стагоддзя - у 1392 - 1400 гг. і княжыў 30 гадоў у XV стагоддзі), то застаецца меркаваць, што першыя ўспаміны пра Івянец належаць да 1392-1400 гадоў.

Пасля Люблінскай уніі (1569 г.) Івянец увашоў у склад Рэчы Паспалітай, змяшчаўся на важных у той час шляхах: тракт Менск-Ашмяны - з аднога боку і Наваградак - Любча - Менск (праз пушчу) - з другога. Таксама праз Івянец пралягаў тракт Мір - Стоўбцы - Валожын. Развіццё гандлёвых сувязей спрыяла росту паселішча. Івянец таго часу славіўся вялікімі ярмаркамі. Сюды прывозілі свае тавары купцы, рамеснікі, шляхта і яе слугі, сяляне. Гандлявалі зернем, лёнам, вырабамі гарадскіх і сельскіх рамёстваў, жывёлай, маслам, мёдам. Па меры росту значэння Івянца сюды перасяляліся людзі з іншых гарадоў. Цэнтр забудоўваўся дамамі багатых купцоў і шляхты.

У 1606 годзе літоўскі князь Ян Даойна пабудаваў касцёл - фару з характэрнымі дзвюма вежамі па баках. Местачковая бедната тулілася ў маленькіх, шчыльна пабудаваных хатах, дзе, канешне, былі вельмі дрэнныя ўмовы, што прыводзіла да вялікай смяротнасці. Так, у 1624 годзе з дзвюх тысяч жыхароў ад чумы памерла 490 чалавек. Яшчэ адной бядой для насельніцтва былі пажары, бо мястэчка было ў асноўным забудавана драўлянымі хатамі. Агонь знішчаў амаль цэлыя вуліцы. У 1709 годзе пасля вялікага пажару з 560 хат засталося толькі 350. Згарэў тады і драўляны касцёл. Менскі стольнік Тэадор Ваньковіч, якому належыў Івянец ў пачатку XVIII ст., падарыў івянецкім манахам частку сваіх зямельных уладанняў і ў 1702 годзе выдаў фундуш на будову манастыра ў мястэчку. Праз два гады будаўніцтва пачалося. Узвядзеннем манастыра і касцёла кіраваў манах Анжэльм Чаховіч. На будаўніцтве працавалі мясцовыя муляры, тынкоўшчыкі, цесляры. У 1745 годзе ўладальнік Івянца Ян Салагуб пабудаваў новы каменны касцёл. Але той крыху больш як праз сто гадоў згарэў. З ростам насельніцтва, развіццём рамяства і гандлю ў мястэчку сталі з'яўляцца майстравыя: цесляры, кавалі, муляры, ганчары і інш. Крыху пазней пачалі стварацца і майстэрні. Здольнымі і шырока вядомымі былі івянецкія муляры і танькоўшчыкі. Кожнай вясною раз'язджаліся яны ў далёкія гарады, вёскі і вярталіся толькі позняй восенню.

Не абышла Івянец і вайна 1812 года. Пад мястэчкам праходзілі баі, у якіх руская армія пад кіраўніцтвам Дорахава вымушана была адступіць. Пасля Сялянскай рэформы (1861 год) беларускія сяляне сталі асабіста свабоднымі, але ўся зямля заставалася ва ўласнасці памешчыка. План сялянскага надзелу вёскі Баравікоўшчына (побач з Івянцом), складзены ў 1872 годзе землямерам Грабоўскім, сведчыць, што граф Тышкевіч (уладальнік гэтых зямель на той час) надзяляў восем сем'яў прыгонных сялян невялікімі кавалкамі зямлі. Наўкола раскінуліся ўладанні самога Тышкевіча і іншых памешчыкаў бліжэйшых маёнткаў. За карыстанне надзеламі сяляне выконвалі паншчыну або плацілі чынш.

У канцы XVIII стагоддзя у сувязі з выпраўленнем тракта Менск-Ашмяны-Вільня Івянец застаўся з боку ад важнай дарогі і значныя падзеі пачалі яго абыходзіць. Тым не менш мястэчка расло і развівалася. Вядома, што ў 1886 годзе ў ім былі 2 яўрэйскія школы, багадзельня, 17 ганчарных заводаў, млын, пастаялы двор. У суседніх мясцінах знаходзіліся таксама вінакурны, піваварны і вапнавы завод. У 1889 годзе у Івянцы было адкрыта народнае вучылішча. Была ў мястэчке і невялічкая бальніца з амбулаторыяй таварыства Чырвонага крыжа, у якой працавалі адзін урач, тры фельчары і некалькі санітарак. У 1905-1907 гадах у Івянцы побач с каталіцкімі могілкамі быў пабудаваны чырвоны касцёл Святога Аляксея. Перад пачаткам Першай сусветнай вайны пачалася пракладка чыгункі з Менска на Ліду, якая павінна была праходзіць паміж Івянцом і Старынкамі. Насып быў даведзены да Налібоцкай пушчы. Праз рэчку Волму будаваўся мост. Але з набліжэннем фронту праца была спынена, а пасл вайны так і не скончана і да нашых дзён З 1916 года Івянец стаў прыфрантавым. Наўкола дыслакаваліся часткі 10-й дзеючай арміі, а ў мястэчку, у хаце Пятра Драгунцава, размяшчаўся штаб. З рэвалюцыйнымі падзеямі 1917-га год звязаны толькі той факт, што некаторы перыяд, яшчэ падчас вайны, сваю агітацыйную дзейнасць праводзіў тут бальшавіцкі палітычны дзеяч Фрунзэ.

У сакавіку 1921 года, згодна Рыжскага мірнага дагавору, Івянец увайшоў у склад Польшы. У тым жа годзе ў мястэчку была адчынена сямігадовая школа (да гэтага існавала толькі пачатковая) з польскай мовай навучання. Школа знаходзілася ў чатырох цесных прыватных хатах. Толькі ў 1937 годзе быў уведзены новы будынак на шэсць классных пакояў. У нашыя дні ў гэтым жа будынку праходзяць заняткі вучэбна-вытворчага камбіната.

У студзенi 1940 г., ужо пасля адыхода зямель Заходняй Беларусі ў склад СССР, утвораны Iвянецкi раён з цэнтрам у Iвянцы. Пачалi выдавацца раённая газета i газета пра палiтаддзеле МТС. 15 снежня 1940 г. Абраны раённы i сельскiя Саветы дэпутатаў працоўных. У пасёлку пачалi працаваць бiблiятэка, кiнатэатр, раённы Дом культуры. Лiтаральна праз некалькi дзён пасля нападу гiтлераўцаў на СССР Iвянец апынуўся пад акупацыяй фашыстаў. Аднак людзi не скарылiся. Паступова расло, набiрала сiлу народнае супрацiўленне. У наваколлi пасёлка разгаралася полымя партызанскай барацьбы. Налiбоцкая Пушча аказалася зручным месцам для дыслакацыii партызанскiх атрадаў. У красавiку 1943 года было створана Iвянецкае партызанскае злучэнне. Камандаваў iм першы сакратар Iвянецкага мiжраённага камiтэта КП(б)Б Я.А. Сiдарон. Не справiўшыся з партызанамi, карнiкi чынiлi расправу над мiрным насельнiцтвам. Так у Iвянцы карнiкi задумалi знiшчыць сотнi жыхароў. Людзей сагналi на плошчу да царквы, акружылi кулямётамi. Будынак абклалi саломай. Аднак прысутныя бачылi, як невялiкага росту пажылая жанчына не адыходзiла ад камандзiра карнiкаў. Яна пераконвала фашыста, што людзi не вiнаватыя. I…пераканала: старых, жанчын i дзяцей адпусцiлi.Гэта была Люцыя Дзяржынская… Казiмiр Дзяржынскi са сваёй жонкай Люцыяй з 1935 г. жылi ў Дзяржынаве. Там iх застала вайна. Стары ўзрост i стан здароўя не дазволiлi iм улiцца ў рады народных мсцiўцаў. Па дамоўленасцi з партызанамi яны пераехалi ў Iвянец. Казiмiр Эдмундавiч уладкаваўся на работу ў гандёвае таварыства, а Люцыя, якая валодала нямецкай мовай, стала перакладчыцай у камендатуры. Дзяржынскiя паказалi сябе сапраўднымi патрыётамi. Яны папярэджвалi тых людзей, якіх акупанты мелi намер вывезцi ў Германiю. Ратавалi ад расстрэлу мясцовых патрыётаў, збiралi i паведамлялi партызанам каштоўныя разведвальныя звесткi. Менавiта Казiмiр i Люцыя першымi папярэдзiлi партызан аб падрыхтоўцы фашыстаў да карнай экспедыцыi 1943 года. Многа каштоўных звестак перадалi Дзяржынскiя. Але ўсё ж у жнiўнi 1943 г. гiтлераўцы трапiлі на след разведчыкаў. У лапах фашыстаў муж i жонка трымалiся мужна. Яны нiкога не выдалi i прынялi смерць ад забойцаў як патрыёты. Пасля ўдзячныя iвянчане перанеслi астанкi Казiмiра i Люцыя на могiлкi. На iх магiле пастаўлены помнiк.

Ужо 6 ліпеня 1944 года Івянец быў поўнасцю вызвалены ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Аднаўленне мястэчка пасля вайны ішло паралельна з аднаўленнем ва ўсім СССР.

У 1998 годзе Геральдычнай камісіяй пры кабінеце міністраў РБ Івянцу нададзены свой герб, які ўяўляе сабой выяву льва(палову фігуры) залацістага колеру на чырвоным фоне, з срэбнай каронай уверсе. Выява льва паходзіць з родавага герба Салагубаў - даўніх ўладальнікаў Івянца.

На сёння насельніцтва мястэчка каля 6 тысяч чалавек. Івянец уваходзіць у склад Валожынскага раёна, Мінскай вобласці. У мястэчку існуе шэраг прадпрыемстваў, якія амаль поўнасцю і вызначаюць эканамічнае становішча ўсяго раёна. Паступова паляпшаецца знешні воблік, інфраструктура Івянца. Але, нажаль, існуе шэраг праблем, пра якія асобная размовы ў іншых раздзелах сайта.


Вернуться назад
return_links(3);?>